СТАЛО́ВІЦКАЯ БІ́ТВА 1771 Адбылася 23.9.1771 каля мяст. Сталовічы паміж войскамі ВКЛ і Расіі ў час барацьбы Барскай канфедэрацыі супраць прысутнасці рас. войск у Рэчы Паспалітай. Вял. гетман ВКЛ М.К.Агінскі ў маі 1771 сабраў пад сваё камандаванне 2 тыс. чал. войска ВКЛ. 6.9.1771 каля в. Рудзькі Пінскай эканоміі ён разбіў рас. батальён з 500 салдат палкоўніка А.Албічава. 10.9.1771 у мяст. Хомск заклікаў разрозненыя сілы канфедэратаў аб’яднацца для абароны «веры, вольнасці і незалежнасці». Ліквідаваць гэты ачаг супраціўлення ўзяўся ген.-маёр А.В.Сувораў, які 12.9.1771 выступіў з-пад Любліна на чале 1 тыс. салдат з 8 гарматамі. Каля 2 гадз ночы 23.9.1771 атрад Суворава напаў на атрады Агінскага. У ходзе 8-гадзіннага бою Агінскі страціў 500 чал. забітымі і каля 300 палоннымі. Пасля паражэння ў бітве Агінскі выехаў за мяжу. С.б. стала апошнім арганізаваным супраціўленнем войска ВКЛ напярэдадні першага падзелу Рэчы Паспалітай.
Я.К.Анішчанка.
т. 15, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)